Завочнае падарожжа Зямля бацькоў - жыцця крыніца

Раздел Классному руководителю
Класс 4 класс
Тип Конспекты
Автор
Дата
Формат docx
Изображения Есть
For-Teacher.ru - все для учителя
Поделитесь с коллегами:

Завочнае падарожжа Зямля бацькоў - жыцця крыніцаЗавочнае падарожжа Зямля бацькоў - жыцця крыніцаДУА "Сярэдняя школа № 4, г. Наваполацка"














Распрацоўка разлічана на вучняў 4-6 класаў


Падрыхтавала:

Казлова

Іна Віктараўна,

Настаўнік пачатковых класаў


Завочнае падарожжа "Зямля бацькоў - жыцця крыніца"

Мэта:

  • стварыць умовы для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў, для фарміравання іх камунікатыўных уменняў і культуры маўлення, свядомага ўяўлення аб багацці, непаўторнасці роднага слова;

  • абуджаць цікавасць да гісторыі і культурнай спадчыны роднага краю;

  • выхоўваць грамадзянскасць, пачуццё патрыятызму, гонар за сваю Радзіму, за свой народ, павагу да роднай мовы.

Форма правядзення: завочнае падарожжа

Абсталяванне:

Магнітафон і дыскі з запісамі песень.

Пейзажныя замалёўкі на тэму «Падарожжа па Беларусі».

Выстава кніг пра Беларусь.

Фотаздымкі помнікаў архітэктуры.

Карткі з заданнямі.

Фотаздымкі помнікаў архітэктуры Беларусі.

Запісы (на дошцы ці плакатах) выказванняў мастакоў слова пра Радзіму:

Мой чароўны беларускі край,

Бацькаўшчына светлая мая!

Уладзімір Караткевіч

Радзіма ў нас -

бязмежная,

спякотная

і снежная.

Радзіма ў нас -

цудоўная,

Багаццяў розных поўная.

Артур Вольскі

Беларускія краявіды…

Перазвоны азёр і бароў.

Над палеткамі бульбы і жыта -

Песня велічных курганоў.

Анатоль Грачанікаў

Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс…

Пятрусь Броўка

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…

Янка Купала

Шануйце родны край - Айчыну,

Тых, хто яе абараняў,

Хто ў бітвах з ворагам загінуў,

Хто перамогу атрымаў.

Аляксандр Гладкіх

О Беларусь, мая калыска,

Жыццё маё, прытулак мой!

З гарачаю любоўю нізка

Схіляюся перад табой.

Пімен Панчанка

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць…

Якуб Колас

Эпіграф:

Мяжуе з Польшчай, Украінай,

Расіяй, Латвіяй, Літвой.

Твой родны край, твая Айчына -

Жыццё тваё і гонар твой.

І ты яе запомні імя,

Як неба, сонца і зару.

Твая зямля, твая радзіма

Названа светла -

Бе-ла-русь.

Юрась Свірка


Ход мерапрыемства

І. Арганізацыйны момант.

Гучыць песня «Спадчына» (словы Янкі Купалы, музыка Ігара Лучанка). На экране (пры наяўнасці мультымедыйнага абсталявання) змяняюцца слайды з пейзажнымі замалёўкамі, партрэтамі знакамітых людзей, помнікі архітэктуры Беларусі.

Уступнае слова настаўніка: Настаўнік зачытвае эпіграф урока, потым працягвае:

- Любоў да Радзімы - гэта не абстрактнае, а рэальнае пачуццё, якое кожны чалавек можа выказаць у штодзённым жыцці шчырымі словамі, карыснымі справамі, светлымі думкамі. Свой родны куточак (малую радзіму) мы любім як часцінку нашай Бацькаўшчыны. А кожная часцінка - своеасаблівы духоўны скарб, які неабходна зберагаць і павялічваць, каб і наступныя пакаленні маглі сказаць: «Зямля бацькоў - жыцця крыніца».

Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве: павінен мець пачуццё нацыянальнай годнасці. А гонар, у сваю чаргу, мацнее ад назапашвання ведаў пра самыя цікавыя і адметныя звесткі з гісторыі роднага куточка: якой была мясцовасць у даўнейшыя часы, адкуль паходзіць назва, якія цікавыя людзі жылі і якімі сваімі справамі, здольнасцямі запомніліся ў народзе. І толькі так узнікае неабдымная любоў да Радзімы, вялікі гонар за яе дасягненні, імкненне зрабіць свой уклад у агульную справу.

Сённяшняе наша мерапрыемства пройдзе ў форме завочнага падарожжа: мы правядзём спаборніцтва каманд па пытаннях мовазнаўства і культурнай спадчыны нашай Беларусі. Наш клас падзеліцца на 4 каманды, кожная з якіх будзе спаборнічаць паміж сабой.

ІІ. Паведамленне тэмы.

ІІІ. Работа па тэме.

- Што вы ведаеце пра гісторыю свайго роднага кутка? (3-4 вучні дзеляцца звесткамі)

1 тур «Мовазнаўцы» (максімальная колькасць балаў - 5)

Кожная каманда атрымлівае картку з заданнем.


каманды

Заданне

1

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка радзіма. Складзіце з дадзеным словам сказ.

2

Падбярыце сінонімы да назоўніка радзіма.
Складзіце сказ.

3

Утварыце 3 словазлучэнні з назоўнікам радзіма, каб дадзенае слова было ўжыта ў якасці галоўнага і залежнага слова.

4

Зрабіце фанетычны разбор назоўніка радзіма.

Пасля выканання задання прадстаўнікі каманды робяць справаздачу. Максімальную колькасць балаў атрымлівае каманда, у якой усе ўдзельнікі правільна справіліся з заданнем.

Слова настаўніка:

- Як вы думаеце, што ўваходзіць у паняцце Радзіма, з чым і з кім яна асацыіруецца? (Маці, прырода, таленавітыя людзі, якія праслаўляюць свой родны край, гістарычныя падзеі і гістарычныя асобы…)

- Якіх славутых дзеячаў Беларусі вы ведаеце? (вучні называюць дзеячаў і дэманструюць іх партрэты).

- Назавіце найбольш значныя гістарычныя падзеі на беларускай зямлі?

2 тур «Хвіліна эрудытаў» (за кожны правільны адказ - 2 балы). Капітаны па чарзе выцягваюць пытанні для сваіх каманд.

1. Вызначце агульнае ў літаратурнай творчасці Эзопа і Кандрата Крапівы?

1) Эзоп і Кандрат Крапіва былі байкапісцамі;

2) Эзоп і Кандрат Крапіва былі землякамі;

3) Эзоп і Кандрат Крапіва былі равеснікамі;

4) Эзоп і Кандрат Крапіва былі майстрамі драматургіі.

(Правільны адказ: 1) Эзоп і Кандрат Крапіва былі байкапісцамі)

2. Якім псеўданімам падпісваў свае творы Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч?

(Правільны адказ: Якуб Колас)

3. Каго называюць беларускім першадрукаром?

(Правільны адказ: Францішка Скарыну)

4. Што называюць «беларускім морам»?

(Правільны адказ: возера Нарач)

5. Які месяц ў народзе называюць «гаручым, але не даручым»?

(Правільны адказ: ліпень)

6. Каго называюць нябеснай заступніцай зямлі беларускай?

(Правільны адказ: Еўфрасінню Полацкую)

7. Назавіце славутую беларускую князёўну, дачку Рагвалода, якая мела тры імені (якія?).

(Правільны адказ: Рагнеда - Гарыслава - Анастасія)

8. Па-руску гэта свята гучыць Пасха. А як па-беларуску?

(Правільны адказ: Вялікдзень)

(Пры неабходнасці да кожнага адказу на ўроку можа прагучаць каментар, гістарычная даведка і г.д.).

3 тур «Грамацей» (максімальная колькасць балаў - 3)

1. Заданне камандам на картках (тэксты зараней раздрукаваны
для кожнага вучня).

Тэкст 1. Устаўце прапушчаныя літары і знакі прыпынку, вызначце асноўную думку тэксту. Прыдумайце загаловак.

Слова! Яно неабсяжнае, як сусвет, н..вычэрпнае, як акі..н. Слова ўсюды прысутнічае і скрозь дасягае, нібы тыя радыёхвалі. Слова ўсемагутнае бо закранае самыя тонкія струны душы чалавечай. Слова здольна суцешыць гора выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг, спыніць злы намер, абудзіць да дзеяння цэлыя народы. (Паводле Уладзіміра Юрэвіча)

Тэкст 2. Устаўце прапушчаныя літары і знакі прыпынку, вызначце асноўную думку тэксту. Прыдумайце загаловак.

Усе рэкі Беларусі вельмі прыгожыя. Дн..про з высокім правым берагам неагляднымі дал..чынямі зарэчных паплавоў. Прыпяць з яе празрыстай цёмнай вадой, астравамі, пратокамі і шапкамі буслянак на прырэчных дрэвах. Ласкавы Нёман у воды якога глядзяцца старажытныя вежы. Нават невялічкая Шчара ў цяні таполяў. (Паводле У. Караткевіча)

Тэкст 3. Устаўце прапушчаныя літары і знакі прыпынку, вызначце асноўную думку тэксту. Прыдумайце загаловак.

Полацк - самы старажытны горад Беларусі. Л..тапісцы пав..дамляюць што ён існаваў ужо ў 862 годзе.

Полацк даў Беларусі і ўсяму свету шмат выдатных людзей. Наш народ заўсёды будзе памятаць імёны асветніцы Еўфрасінні і дойліда Іаана першадрукара Францішка Скарыны і славутага паэта Сімяона Полацкага… (Паводле У. Арлова)

Тэкст 4. Устаўце прапушчаныя літары і знакі прыпынку, вызначце асноўную думку тэксту. Прыдумайце загаловак.

Беларусь можа ганарыцца шэрагам выдатных дзеячаў якія нарадзіліся на гэтай зямлі. Гэта вынаходнік шматступеневай ракеты Казімір Семяновіч а..крывальнік бяздротавай перадачы эл..ктрычных сігналаў Якуб Наркевіч-Ёдка народны герой Чылі Ігнат Дамейка.

Са старадаўніх беларускіх родаў паходзяць і матэматык Соф'я Кавалеўская, падарожнік Мікалай Пржэвальскі, кампазітар Дзмітрый Шастаковіч, авіяканструктар Павел Сухі. (Паводле А. Мальдзіса)

ІV. Хвіліна для адпачынку. (Гучыць запіс «Гукі прыроды», на экране - слайды з беларускімі краявідамі)

4 тур. Конкурс капітанаў «Спадчына роднай старонкі» (за кожны правільны адказ - 2 балы)

Капітанам каманд неабходна правільна назваць па здымках архітэктурныя помнікі Беларусі. (Напр., Мірскі і Нясвіжскі замкі, Белая вежа, Спаса-Еўфрасіннеўская царква і інш.). Пры неабходнасці капітан звяртаецца да каманды.

5 тур «Кемлівыя і знаходлівыя» (максімальная колькасць балаў за кожны правільны адказ камандзе, удзельнікі якой першымі справяцца з заданнем - 2)

Вучні атрымліваюць карткі з літарамі, з якіх неабходна будзе скласці правільны адказ на загадку.

Адгадайце загадку:

- Што нас корміць, а есці не просіць? (зямля)

- Што бяжыць без повада? (вада)

- Па небу коціцца катушка, ні звер, ні птушка, ні пясок, ні вада, а адгадаць бяда. (сонца)

- Каляровае карамысла цераз рэчку павісла. (вясёлка)

6 тур «Філасофскі роздум» (максімальная колькасць балаў - 5)

3. Кожная каманда атрымлівае картку з заданнем (або на слайдзе).



каманды

Заданне

1

Растлумачце і прадоўжыце сваімі словамі (3-4 сказы) выказванне: «Зямля наша - самы святы запаведнік, - і трэба, як маці, яе берагчы» (Пімен Панчанка).

2

Растлумачце і прадоўжыце сваімі словамі (3-4 сказы) выказванне: «Краса прыроды кліча да чысціні душы» (Янка Брыль).

3

Растлумачце і прадоўжыце сваімі словамі (3-4 сказы) выказванне: «Роднае слова - гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет» (Якуб Колас).

4

Растлумачце і прадоўжыце сваімі словамі (3-4 сказы) выказванне: «Чалавек без бацькоўскага краю, як без песні ў гаі салавей» (Антон Бялевіч).

7 тур «Хто хутчэй?» (За кожны правільны адказ - 2 балы)

Закончыце прыказку:

- Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай … . (крыніцы)

- Для ўсякай птушкі сваё гняздо … . (міла)

- Родная зямелька як зморанаму … . (пасцелька)

- У сваім краі, як у … . (раі)

- Далёкая старонка без ветру … . (сушыць)

- На чужыне і камар … . (загіне)

- Кожнаму свой куток … . (мілы)

- Усюды добра, а дома … . (лепей)

- Кожная сасна свайму бору песню … . (пяе)

- Жыць - Радзіме … . (служыць)

V. Падвядзенне вынікаў. Узнагароджванне каманды, якая перамагла.

Рэфлексія. Прадоўжыце выразы: «Сёння мне было:

- цікава...

- цяжка...

- лёгка...».

«Сёння я зразумеў (-ла), зрабіў(-ла) вывад ...».

VІ. Заключнае слова настаўніка (гучыць запіс песні «Радзіма мая дарагая» на словы Алеся Бачылы, музыка Уладзіміра Алоўнікава):

- Сённяшняе мерапрыемства дало нам магчымасць яшчэ раз зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. І дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашай душы, у нашым сэрцы заўсёды будзе з намі адчуванне моцнай повязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся сваіх каранёў, мы паважаем Радзіму, мы існуем як народ, як нацыя.

Любіце свой край. Кожны дзень адкрывайце для сябе няўлоўную прыгажосць роднага куточка. Прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы. Заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

Вучань чытае верш:

Паклон табе, мой беларускі краю!

Ты - мой, я - твой: ад роду і навек.

Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю

Твой ліст дубовы - як чароўны лек.

За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,

За шчасце звацца іменем тваім -

Паклон табе, мой беларускі краю!

Ты - мой, я - твой: усюды і ва ўсім на век!

Ніл Гілевіч





Выкарыстаная літаратура:

1. Лепешаў І. Я. Слоўнік беларускіх прыказак. - Мінск, 2002.

2. Солахаў А. В. Займальны матэрыял па беларускай мове. - Мінск, 2004.

3. Асветнікі зямлі беларускай: Энцыклапедычны даведнік. - Мінск, 2001.

4. Паўлоўская В. І. Мова: цікава і займальна. - Мінск, 1989.

5. Юрэвіч У. М. Слова жывое, роднае, гаваркое… - Мінск, 1998.








© 2010-2022