Артыкул Каханне як пачуццёва-эмацыйны стан чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа

Раздел Другое
Класс -
Тип Другие методич. материалы
Автор
Дата
Формат doc
Изображения Нет
For-Teacher.ru - все для учителя
Поделитесь с коллегами:

УДК 821.161.3Колас:3981:177.6

Н. А. Богдан


КАХАННЕ ЯК ПАЧУЦЦЁВА-ЭМАЦЫЙНЫ СТАН ЧАЛАВЕКА

Ў ФРАЗЕАЛОГІІ ЯКУБА КОЛАСА



У артыкуле ўпершыню праведзены лінгвакультуралагічны аналіз фразеалагічных адзінак, што рэпрэзентуюць каханне як пачуццёва-эмацыйны стан чалавека сярод фразеалагізмаў мовы твораў Якуба Коласа. Вызначаюцца духоўныя каштоўнасці і арыенціры продкаў беларусаў, адлюстроўваецца іх традыцыйнае мысленне, якое абумоўлена нацыянальна-культурным светабачаннем і ментальнымі асаблівасцямі беларускага народа, паказваюцца асаблівасці яго светаўспрымання.

Развіццё мовазнаўства апошніх дзесяцігоддзяў характарызуецца перамяшчэннем навуковых інтарэсаў многіх даследчыкаў у сферу лінгвакультуралагічнага аналізу моўных з'яў і катэгорый, звязаных з апісаннем нацыянальнай карціны свету таго ці іншага народа. Лінгвістыка на сучасным этапе характарызуецца зваротам да мовы ў тоеснай сувязі з мысленнем, а таму і да вывучэння моўнай карціны свету ўвогуле і да яе фрагментаў у прыватнасці. Працэс апісання моўнай карціны свету звязаны з рэканструкцыяй пэўнай падсістэмы ведаў носьбіта мовы, якая адлюстроўвае пазнанне чалавекам сябе і акаляючай рэчаіснасці. Адным з такіх фрагментаў у моўнай карціне свету беларусаў з'яўляецца пачуццёва-эмацыйны, і ў прыватнасці, каханне.

У розныя перыяды развіцця грамадства каханне як з'ява духоўнага, культурнага і сацыяльнага жыцця інтэрпрэтавалася па-рознаму. Каханне лічыцца рэлігійным пачуццём, псіхалагічным станам, глыбокім інтымным пачуццём, біялагічным (палавым) інстынктам, суб'ектыўным перажываннем, відам камунікацыі. Звязанае з адносінамі блізкасці, агульнасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фізічнага аб'яднання, каханне мае даўнюю традыцыю аксіялагічнага апісання. Яно застаецца аб'ектам пільнай увагі з часоў Платона да нашых дзён і вывучаецца ў філасофіі, тэалогіі, псіхалогіі, фізіялогіі, культуралогіі, сацыялогіі і іншых навуках.

Пры вызначэнні сутнасці кахання даволі часта выкарыстоўваюцца дэфініцыі карытатыўнага характару, якія актуалізуюць такія семы, як бескарыслівасць, міласэрнасць, гатоўнасць дараваць і прыносіць радасць, нічога не патрабуючы ўзамен. Такое каханне кіруецца маральнымі прынцыпамі і прадугледжвае любіць чалавека такім, якім ён ёсць на самой справе. У яго аснове, як заўважае В. Д. Старычонак, - "гармонія паміж людзьмі, духоўны рост чалавека, магчымасць яго далейшага раскрыцця і ўдасканальвання" [6, с. 34].

Сучасная псіхалогія дае азначэнне каханню як інтымнаму пачуццю, якое накіравана на іншага чалавека. Каханне ўяўляе сабой павышаны пачуццёва-эмацыйны стан чалавечай псіхікі, які накіраваны на прадмет сваёй сімпатыі - асобу процілеглага полу. Паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, каханне - гэта ʻвялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы другога полуʼ [8, с. 667]. У дадзеным выпадку ўвага акцэнтуецца на шчырасці і сардэчнасці пачуцця. Адпаведна, кахаць можна дзяўчыну, жанчыну, жонку, маладзіцу, мужа, мужчыну, хлопца і г.д. Сінонімы да названай лексемы - словы закаханасць, любоў, любасць, мілаванне, любошчы (разм., мн.) [3, с. 217]. У этымалагічным слоўніку беларускай мовы да прапанаванага сінанімічнага рада далучаецца рэгіянальнае найменне любоўства [10, с. 94].

"Наіўнае" ўяўленне пра каханне як часткі наіўнай карціны свету беларусаў - гэта значыць сукупнасці іх рэальных уяўленняў пра свет і чалавека - найлепшым чынам адлюстравана ў фразеалагічных адзінках (далей - ФА). Слушна наконт гэтага зазначае Ю. С. Сцяпанаў, сцвярджаючы, што "ў мове да нас адлюстравана шматвекавое пазнанне свету" [7, с. 921].

У межах артыкула звернем увагу на ФА з мовы твораў Якуба Коласа, якія з'яўляюцца адным з асноўных спосабаў перадачы нацыянальных стэрэатыпаў - адносна ўстойлівых уяўленняў, якія склаліся гістарычна і семантызуюць каханне як пачуццёва-эмацыйны стан чалавека. Менавіта асоба чалавека, яго знешні і ўнутраны свет знаходзяцца ў цэнтры ўвагі мастака слова. А ФА дазваляюць вобразна, ёмка, сцісла не толькі і не столькі назваць, колькі ахарактарызаваць, даць ацэнку пачуццёва-эмацыйнаму стану чалавека. Праз аналіз фразеалагічных адзінак, як сцвярджае В. А. Ляшчынская, "выяўляюцца закадзіраваныя ў іх веды пра свет, эталоны і стэрэатыпы нацыянальнага бачання і разумення свету, назначэння чалавека ў ім і інш." [4, с. 52-53]. Дадзенае пытанне ў фразеалогіі яшчэ не атрымала шырокага вывучэння, што і абумовіла наш зварот менавіта да гэтай тэмы.

Мэта артыкула - лінгвакультуралагічны аналіз ФА, якія рэпрэзентуюць каханне як пачуццёва-эмацыйны стан чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа і даюць характарыстыку героям твораў мастака слова. Крыніцай збору ўстойлівых адзінак паслужыў "Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа" [9], дзе метадам суцэльнай выбаркі вылучаны ўстойлівыя адзінкі, якія характарызуюць пачуццёва-эмацыйны стан чалавека і аб'яднаны агульным значэннем 'любоўныя пачуцці, пачуццё кахання'.

Каханню (любові) у фразеалогіі Якуба Коласа надаецца вялікае значэнне. Гэтае пачуццё ва ўяўленні беларусаў больш моцнае, чым усе астатнія, "яго можна параўнаць хіба толькі з ісцінай або праўдай" [5, с. 54].

Лакалізацыяй кахання ў беларусаў на фізічным плане выступае сэрца, на духоўным - душа. Беларусы любяць сэрцам, душой. Так, сэрца ў складзе саматычных фразеалагізмаў (далей - СФ) з мовы твораў Якуба Коласа (аддаць сэрца ʻаказаць пашану, стаць беззаветна адданым каму-н., аддаць перавагу каму-н. перад кім-н. іншым; кахаць каго-н.ʼ, раскрыць сэрца ʻвыказаць каму-н. свае самыя патаемныя думкі, пачуцці, прызнацца ў каханніʼ, заваяваць сэрца ʻвыклікаць да сябе сімпатыю, прыхільнасць, любоў каго-н.ʼ, лашчыць сэрца ʻвыклікаць да сябе сімпатыю, прыхільнасць, любоў чым-н.ʼ, усім сэрцам (усім сэрцам і душою) ʻбязмежна, шчыра, сардэчна кахаць, любіць каго-н.ʼ, пакінуць сваё сэрца ʻзахаваць прыхільнасць, сімпатыю, любоў да каго-, чаго-н.ʼ, паланіць сэрца ʻдабіцца чыйго-н. кахання, прыхільнасціʼ, заўладаць сэрцам ʻпрымусіць каго-н. пакахаць сябеʼ, засесці ў сэрцы ʻвыклікаць пачуцці глыбокай прыхільнасці да каго-н., стаць глыбока любімым кім-н.ʼ, вырваць (выкінуць) з сэрца ʻпрымусіць сябе забыць каго-, што-н., перастаць кахаць каго-н.ʼ, не мець сэрца ʻне любіць каго-, чаго-н., быць бессардэчным, жорсткімʼ) выступае адным з найбольш істотных органаў цела, крыніцай фізічнай, духоўнай, эмацыйнай энергіі. Сэрца - цэнтр глыбокіх эмацыянальных перажыванняў.

У беларускай традыцыйнай культуры сэрца разумеецца пераважна як "канцэнтрант эмацыйных, пачуццёвых інтэнцый; у першую чаргу кахання" [1, с. 501]. Разнастайныя любоўныя эмоцыі перш-наперш закранаюць сэрца, яно з'яўляецца пачатковым індыкатарам гэтых перажыванняў у чалавечым целе. Менавіта праз сэрца транслююцца разнастайныя інтымныя пачуцці закаханых: Іван думаў аб ёй [Аўдольцы] увесь час і не траціў надзеі заваяваць яе сэрца [9, с. 541]; Ён з сябрамі закладаўся Сэрца Ганны паланіць, У два дні - Пахваляваўся - Ганна будзе дух раніць [9, с. 543] і інш.

Як і сэрца, цэнтрам псіхічнага і эмацыйнага жыцця чалавека выступае душа. Гэта своеасаблівая матэрыя, надзвычай тонкая, здольная перадаць розныя эмоцыі і ў першую чаргу пачуццё кахання. А СФ з кампанентам душа не толькі абазначаюць пачуцці, перажыванні чалавека, але і найбольш глыбока адлюстроўваюць індывідуальнасць асобы, яе духоўнасць, а перадаючы пачуццё каханне, называюць яшчэ і якасці асобы, з якіх найбольш для беларуса цэняцца шчырасць (усім сэрцам і душою ʻбязмежна, шчыра, сардэчна кахаць, любіць каго-н.ʼ) і даверлівасць, адкрытасць (аддаваць душу ʻцалкам прысвячаць сябе чаму-н., бязмежна любіць каго-, што-н.ʼ).

Непадкантрольнасць, немагчымасць схаваць свае пачуцці - універсальная "якасць" кахання. З прычыны таго, што каханне - моцнае пачуццё і цалкам запаўняе чалавека, усе яго думкі, то і памкненні закаханага поўняцца толькі гэтым пачуццём, ён перастае "цвяроза" думаць, разважаць. Каханне ўспрымаецца беларусамі як пачуццё, якое ўзнікае "стыхійна", а таму яно непадкантрольнае розуму. Лакалізацыяй кахання ў гэтым выпадку выступае галава. У сучасным уяўленні галава выступае цэнтрам збору і перапрацоўкі інфармацыі. У складзе СФ закружыць галаву (закруціць галоўку) ʻвыклікаць у каго-н. пачуццё кахання, сімпатыі да сябе, прывабіць каго-н.ʼ кампанент галава асацыіруецца з розумам, які страчваюць падчас пачуцця кахання: Калі яна [Ліда] выйшла з хаты, Антаніна Міхайлаўна, крыху памаўчаўшы, сказала: - Закружылі вы галаву маёй Лідзе [9, с. 119]; Адну захоўвай устаноўку: Забраць нягодніка ў палон, Каб форсу збавіў ён, Ды закруці яму галоўку [9, с. 126]).

Неабходныя атрыбуты кахання - пацалункі (туліць губы к губам ʻцалавацца, дакранацца вуснамі да каго-н.ʼ, мёдам губ упіцца ʻпацалавацьʼ), позіркі (цэліцца вачамі ʻкідаць какетлівыя погляды на каго-н.ʼ, страляць вачыма (стрэльнуць вочкамі) ʻкідаць заваблівыя позіркі на каго-н., какетліва паглядаць на каго-н.ʼ, асыпаць іскрамі ʻадарыць чароўным прываблівым позіркамʼ), заляцанні (нібы хмель віцца ʻзаляцацца да каго-н.ʼ), што з'яўляюцца праяўленнем пяшчоты закаханых адзін да аднаго.

Так, пачуццё любові знаходзіць сваё праяўленне ў позірках закаханых адзін да аднаго. Вока ў народных уяўленнях успрымаецца як уваход у цела чалавека. Сімволіка вока цесна звязаная з асноўнымі пазіцыямі многіх кодаў мовы культуры. У складзе СФ страляць вачыма (стрэльнуць вочкамі) кампанент вочы сімвалізуе цэнтр для эмацыянальнага ўздзеяння і выяўляе адносіны чалавека да каго-небудзь: К таму ж і стройна і прыгожа, А разам з тым і малада, А стрэльне вочкамі - бяда [9, с. 93]. Чарадзейная моц прыпісваецца позірку чалавека, у якога іскры з вачэй сыплюцца ад пачуцця любові, замілаванасці да каго-небудзь: Знаёмячыся з Садовічам, яна [Тамара Аляксееўна] проста-такі асыпала яго іскрамі з "неба Італіі", а верхняя губка яе, з невялічкаю ямінкаю пасярэдзіне, лёненька задрыжала пад павевам найпрыемнейшай у веце жаночай усмешкі [9, с. 222]. Праяўленнем пяшчоты закаханых адзін да аднаго выступаюць пацалункі, сімвалам якіх з'яўляюцца губы. Дадзены атрыбут кахання выразна перадаюць СФ туліць губы к губам (Мы шчыльна тулім губы к губам [..] Не год сябруем, не другі [9, с. 146]), мёдам губ іпіцца (Ды дзе ты, мілая Настуся? Цябе шукаю - ці знайду, Або спаткаю зноў бяду І мёдам губ тваіх не ўп'юся Ды сіратою застануся, каб жыць з табою не ў ладу [9, с. 335]). Важным этапам кахання з'яўляюцца заляцанні, з якімі асацыіруецца вобраз хмеля ў ФА нібы хмель віцца: А казакі нібы хмель той Уюцца ля Ганусі [9, с. 592]).

Як відаць, пачуццё кахання, эмацыйныя адносіны чалавека выяўляюцца з дапамогай кадзіравання тактыльных (губы) і зрокавых (вочы) адчуванняў.

Каханне абавязкова ўключае ў сябе парыў і волю чалавека да сталасці, што афармляецца ў этычнае патрабаванне да вернасці і адданасці. Так, закаханыя гатовы на ўсё, нават трапіць у пекла, якое асацыіруецца з "месцам, дзе пасля смерці пакутуюць грэшнікі" [1, с. 37]: хоць у пекла пайсці ʻбыць вельмі адданым каму-н., моцна кахаць каго-н.ʼ (У два тыдні - пахваляваўся - Ганна будзе дух раніць, Будзе з ім шукаць спаткання І паступіцца усім, І ўсе выпаўніць жаданні - Хоць у пекла пойдзе з ім [9, с. 402]).

Вынік кахання і мэта закаханых - жаніцьба, стварэнне сям'і, што знайшло сваё адлюстраванне ў ФА выйсці замуж ʻстаць жонкай каго-н.ʼ, вылятаць у вырай ʻпакідаць бацькоўскі дом; ісці ў сям'ю мужаʼ, ісці пад вянец ʻуступаць у шлюб, жаніццаʼ, пусціць у грунт карэнне ʻтрывала абаснавацца, абзавесціся сям'ёй, гаспадаркайʼ, даваць на запаведзь ʻпадаваць у царкву просьбу аб выкананні абраду вянчанняʼ, пайсці з кудзеляй ʻвыйсці замуж; пажаніўшыся, пераехаць у тую мясцовасць, дзе жыве жаніхʼ.

Замужжа ў сістэме жыццёвых каштоўнасцей беларусаў адыгрывае станоўчую ролю. Выйсці замуж асацыіруецца з тым, каб стаць чыёй-небудзь жонка і, пажаніўшыся, пераехаць у тую мясцовасць, дзе жыве жаніх. Гэты ж матыў назіраецца і ў ФА вылятаць у вырай і пайсці з кудзеляй. Жаніцьба і жыццё ў сям'і жаніха ў першай ФА асацыіруецца з выраем нездарма, паколькі ў беларускім міфалагічным уяўленні вырай - гэта "старажытная назва раю і райскага Сусветнага дрэва" [1, с.99]. Разам з гэтым паводле народнай традыцыі жонка, пераязджаючы ў сям'ю мужа, павінна браць з сабой кудзелю ʻвалакно лёну, канапель, апрацаваная для прыгатавання пражыʼ [8, с. 749]. Важнае значэнне аддавалася абраду вянчання, дзе галоўнымі атрыбутамі з'яўляюцца вянец і запаведзь. Усё гэта знайшло сваё выразнае праяўленне ў ФА ісці пад вянец і даваць на запаведзь: Да Насці гэта вестка прыйдзе, І будзе ўсё ў законным відзе - Ідзі, з кім любы, пад вянец! [9, с. 109]; Поп іх строга запытаў - Дзе сваты? Дзе дружкі? Сведкі? Хто на запаведзь даваў? [9, с. 199].

Стварэнне сям'і спрадвеку лічылася адным з галоўных этапаў на жыццёвым шляху чалавека. Вось толькі пасля гэтай падзеі далейшае захаванне пачуцця кахання становіцца справай складанай. Ва ўяўленні беларусаў распаўсюджаным з'яўляецца матыў нявернасці мужа (кот марцовы ʻахвотнік да любоўных прыгод; распуснік, блуднікʼ, пан марцовы ʻаматар заляцацца да жанчын; залётнік, валацугаʼ). У моўнай свядомасці нашага народа ўвасобілася думка, што жанчына, як сцвярджае А. С. Дзядова, "больш адданая мужу, чым муж жонцы. Любоў да дзяцей і мужа, строгія прадпісанні народных традыцый і, урэшце, перажыткі патрыярхальнага ўкладу ў мінулыя часы - усё гэта стрымлівае яе ад шлюбнай здрады" [2, с. 45].

Такім чынам, праведзены лінгвакультуралагічны аналіз ФА семантычнага поля ʻкаханнеʼ дазваляе сцвярджаць, што каханне як пачуццёва-эмацыйны стан чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа вызначаецца станоўчай канатацыяй і лакалізуецца найперш у сэрцы (душы). У свядомасці чалавека каханне - гэта свайго роду "падмурак", на якім павінна трымацца сям'я. Даследаванне лінгвакультуралагічнага феномена пачуцця кахання ў моўнай карціне свету беларусаў на матэрыяле ФА, ужытых у мове твораў Якуба Коласа, сведчыць пра тое, што разгледжаны і прааналізаваны моўны матэрыял прэзентуе духоўныя каштоўнасці і арыенціры нашых продкаў, адлюстроўвае іх традыцыйнае мысленне, якое абумоўлена нацыянальна-культурным светабачаннем і ментальнымі асаблівасцямі беларускага народа, паказвае асаблівасці яго светаўспрымання.

Спіс выкарыстаных крыніц


  1. Беларуская міфалогія: энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. - 2-ое выд., дап. - Мінск: Беларусь, 2006. - 599 с.

  2. Дзядова, А. С. Чалавек у люстэрку беларускай фразеалогіі і парэміялогіі : манаграфія / А. С. Дзядова. - Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2013. - 162 с.

  3. Клышка, М. К. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / М. К. Клышка. - Мінск: Беларус. навука, 2005. - 670 с.

  4. Ляшчынская, В. А. Сучасная беларуская мова: фразеалогія: вучэб. дапам. / В. А. Ляшчынская. - Мінск: РІВШ, 2010. - 230 с.

  5. Садоўская, А. Л. Каханне ў моўнай карціне свету беларусаў / А. Л. Садоўская // Роднае слова. - 2011. - № 5. - С. 53-56.

  6. Старычонак, В. Д. Асацыятыўнае поле кахання ў беларускім паэтычным дыскурсе / В. Д. Старычонак // Текст. Язык. Человек: сборник научных трудов: в 2 ч. Ч.1. / редкол.: С. Б. Кураш (отв. ред.) [ и др.]. - Мозырь: МГПУ им. И. П. Шамякина, 2009. - С. 34-37.

  7. Степанов, Ю. С. Константы. Словарь русской культуры / Ю. С. Степанов. - М: Академический Проект, 2001. - 990 с.

  8. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т., 6 кн. - Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыкл., 1978. - Т. 2: Г-К. - 768 с.

  9. Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа: звыш 6000 слоўн. арт. / уклад. А. С. Аксамітаў [і інш.]; пад рэд. А. С. Аксамітава. - Мінск: Навука і тэхніка, 1993. - 655 с.

  10. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 4: К - Каята / НАН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; уклад. В. JI. Авілава [і інш.]; рэд. Г. А. Цыхун. - Мінск: Беларус. навука, 1988. - С. 265.

© 2010-2022