• Преподавателю
  • Другое
  • Артыкул Беларус скрозь прызму фразеалагізмаў у паэзіі Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны

Артыкул Беларус скрозь прызму фразеалагізмаў у паэзіі Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны

Раздел Другое
Класс -
Тип Другие методич. материалы
Автор
Дата
Формат doc
Изображения Нет
For-Teacher.ru - все для учителя
Поделитесь с коллегами:

Наталля Богдан

Беларус скрозь прызму фразеалагізмаў у паэзіі Якуба Коласа

перыяду Вялікай Айчыннай вайны


Творчасць класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа заўсёды ў цэнтры ўвагі даследчыкаў розных галін навукі, у тым ліку і даследчыкаў мовы яго твораў. Вучоныя прыадкрываюць усё новыя і новыя аспекты яго дзейнасці, вызначаюць ролю мастака слова ў развіцці і станаўленні сучаснай беларускай літаратурнай мовы, пазнанні беларуса, яго светаўспрымання і светаўяўлення.

Спазнаць чалавека з самых розных бакоў дазваляюць фразеалагічныя адзінкі (далей ФА). Створаныя самім народам, яны найперш і больш за ўсё скіраваны да чалавека. Асаблівую цікавасць выклікае вывучэнне гэтых скарбаў мовы ў творах Якуба Коласа, якія вобразна, ёмка, сцісла не толькі і не столькі называюць, колькі характарызуюць, даюць ацэнку, нясуць дадатковую інфармацыю, увасабляюць культурна-нацыянальнае светабачанне народа. Чалавек найперш пазнае сябе праз самога сябе. Таму аб'ектам даследавання паслужылі саматычныя фразеалагізмы (далей СФ), якія выдзелены ў паэзіі Якуба Коласа. Праз аналіз такіх адзінак, як сцвярджае В.А. Ляшчынская, "выяўляюцца закадзіраваныя ў іх веды пра свет, эталоны і стэрэатыпы нацыянальнага бачання і разумення свету, назначэння чалавека ў ім і інш." [1, с. 52-53]. Менавіта таму мэтай нашага артыкула і стала вывучэнне СФ у паэзіі Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны як сродку пазнання беларуса ў найбольш цяжкія моманты яго жыцця.

У вершах і паэмах ваеннага перыяду творчасці Якуба Коласа (1941-1945 гг.), як заўважае В.П. Рагойша, "вера ў моц Чырвонай Арміі і непахісны дух савецкага народа перамяжоўваецца з надзеяй на хуткую перамогу, любоў да роднай зямлі - з нянавісцю да фашысцкіх захопнікаў" [2, с. 41]. Цэнтральнае месца ў дадзены перыяд пісьменнік адводзіць беларусу, які ўсімі сіламі імкнецца знішчыць ворага. Чалавек у такі момант прадстае перад намі скрозь прызму СФ, што ўтвараюць своеасаблівы саматычны код культуры, які займае адно з цэнтральных месцаў у стварэнні моўнай карціны свету разам з іншымі кодамі культуры, бо "пазнанне сябе ў навакольным свеце пачынаецца з асабістай ідэнтыфікацыі, з адчування межаў асабістага "Я" ў супрацьпастаўленні да свету" [3, с. 74].

З улікам семантыкі СФ, іх кампанентаў, вобразаў Якуб Колас характарызуе адносіны беларуса да каго- або чаго-небудзь, яго псіхічны і эмацыянальны стан, інтэлектуальную дзейнасць і здольнасці, унутраныя якасці і маўленчую дзейнасць.

  1. Чалавек найбольш пазнаецца ва ўзаемаадносінах з іншымі людзьмі або ў адносінах да чаго-небудзь, тым больш у экстрэмальных сітуацыях. Менавіта гэтым і абумоўлена вылучэнне групы СФ, што характарызуюць чалавека паводле адносін да каго- або чаго-небудзь.

Так, першапачатковай задачай кожнага беларуса ў гады Вялікай Айчыннай вайны было знішчыць фашыстаў, выгнаць захопнікаў з роднай зямлі, пакараць іх. Для Якуба Коласа сродкамі перадачы ў гэтым выпадку паслужылі такія ФА, як: вылушчыць душу ʻпазбавіць жыцця, знішчыць каго-н.ʼ [4, с. 180] (Падумаў я ў мыслях з сабою: // Калі мы пабачым Пятрушу, // Дык ворагу смерць пад вярбою, // А з Гітлера вылушчым душу [5, с. 132 ]), скуру садраць ʻмоцна пабіць, адлупцаваць каго-н.ʼ [4, с. 500] (Збрыдла нам пазіраць // На яго, паганца, − // Проста − скуру садраць // На лясной палянцы [6, с. 36]), уліць алею ў рот ʻадплаціць за здзекі, крыўду; учыніць помсту каму-н.ʼ [4, с. 32] (Што ні дзень, то больш наглее // Гітлераўскі зброд. //Дык вальём жа ім алею // У іх воўчы рот! [6, с. 22]) і інш.

Выразную негатыўную ацэнку ворага паэту дапамагае выражаць фразеалагізм мець вока ʻадчуваць непрыязнасць да каго-н., мець злосць на каго-н., ненавідзець каго-н.ʼ [4, с. 85]: На ворага ён [Петрык] вока мае − // Бо праз яго шляхі закрыты [6, с. 23], дзе кампанент вока ў складзе ФА выражае ўнутраны стан героя.

Нельга не звярнуць увагу на сімвалічнае значэнне кампанента кроў у складзе фразеалагізма аддаць кроў ʻахвяраваць жыццём або быць параненым, змагаючыся за каго-, што-н.ʼ [4, с. 269]. Вобраз абраны тым, што кроў выступае цэнтрам і сімвалам сілы, месцам знаходжання душы, а душа - гэта жыццё, якое беларус гатовы аддаць за радзіму, каб толькі вызваліць яе з фашысцкага палону: Пра вас жа, волаты-героі, // Гатовы кроў за край аддаць, // Шумець век векам будуць хвоі // I гімны славы вам складаць [6, с. 40].

Каб паказаць адносіны беларуса да воінаў-герояў, паэт выкарыстоўвае фразеалагізм хіліць галовы ʻвыказваць глыбокую пашану каму-н., пакланяцца каму-, чаму-н.ʼ [4, с. 122]: Прад вамі ж воіны, байцы-героі, // Я ў радасці схіляю галаву [7, с. 31]. Жэст схіляць галаву ў дадзеным выпадку адлюстроўвае станоўчую ацэнку паводзін чалавека.

  1. Асаблівую цікавасць выклікае вывучэнне ўнутранага свету чалавека, адным са складнікаў якога выступаюць эмоцыі і пачуцці, што і абумовіла вылучэнне другой групы СФ. Псіхічны і эмацыянальны стан беларуса Якуб Колас перадае з дапамогай наступных устойлівых адзінак: душа і сэрца ў агні ʻпра цяжкае перажыванне каго-н.ʼ [4, с. 176], сэрца ўзыграла ʻаб пачуцці радасці, вялікага задавальнення і г. д. у каго-н.ʼ [4, с. 548], рваць на сабе валасы ʻмоцна перажываць, быць у адчаі, роспачы, дакараць сябеʼ [4, с. 64], кроў ускіпае ʻаб вельмі моцнай узбуджанасці, хваляванні каго-н.ʼ [4, с. 269], абліцца халодным потам ʻвельмі моцна спужацца, жахнуццаʼ [4, с. 418], сэрца сціснулася ʻнехта зазнаў душэўную боль, хвалюецца за каго-, што-н.ʼ [4, с. 548] і інш. Менавіта з дапамогай гэтых ФА мастак слова перадае ўзбуджаны эмацыянальны стан беларуса ў гады вайны.

Так, сэрца і душа з'яўляюцца цэнтрамі глыбокіх эмацыянальных перажыванняў, крыніцай пачуццяў у іх супрацілегласці. Напрыклад, у кантэксце Знямелы, пануры, суровы, // Сядзіць Іван Гурба на пні. // Якія жа скажаш тут словы? // Душа ўся і сэрца ў агні. // Застрэлілі жонку − завошта? // Дзяўчыну забралі − куды? // Якім жа заплаціце коштам, // Забойцы з фашысцкай арды? [6, с. 17]. Якуб Колас праз фразеалагізм душа і сэрца ў агні перадае цяжкі псіхічны і эмацыянальны стан Івана Гурбы, у якога фашысты знішчылі сям'ю.

Лірычны герой паэмы "Адплата" вельмі перажывае за свой край, які зруйнавалі немцы. Перадаць гэты стан дапамагае фразеалагізм сэрца сціснулася: Я ў мыслях на край свой далёкі зірну, // I сціснецца сэрца зацята. // Сады, гарады абярнулі ў труну // Фашысцкія вылюдкі-каты [5, с. 28]. У гэтым выпадку сэрца як цэнтральны орган кровазвароту чуйна рэагуе на хвалі ўзбуджэння біяэнергіі ў целе чалавека пульсацыяй крыві, біццём, а таму і заканамерным з'яўляецца ўжыванне аўтарам фразеалагізма сэрца сціснулася. З гэтай жа мэтай у творы Якуб Колас ужывае і фразеалагізмы кроў ускіпае (Не ведае, хто гэты хват, // Ды кроў яе так і ўскіпае: // Фашыст, дык вядома − ён гад, // I слава яго ўжо такая [5, с. 33]). У кантэксце Упала на попел Мар'яна // I рве на сабе валасы: // Спалілі сыночка Івана [5, с. 11] аўтар пры дапамозе фразеалагізма рваць на сабе валасы перадае не толькі перажыванні гераіні, разам з гэтым адчуваецца яе віна ў гібелі сына, за што Мар'яна сябе і дакарае.

Эмоцыю страху Якуб Колас перадае з дапамогай выраза абліцца халодным потам. Сапраўды, у кантэксце мы бачым жудасную сітуацыю: Разгледзеў − вісіць чалавек, // Упол перавязаны дротам. // Жах доўбняй Цімоха падсек, // Абліўся халодным ён потам [5, с. 43]. Менавіта ў такія страшныя моманты на целе чалавека і з'яўляюцца кроплі халоднага поту.

Аднак ёсць моманты, калі чалавек перажывае радасць. Нават у час вайны беларус не страчвае пачуцця задавальнення. Такі ўзбуджаны эмацыянальны стан чалавека мастак слова перадае ў паэме "Суд у лесе" з дапамогай фразеалагізма сэрца ўзыграла: Ён [Мікітка] план свой, абдуманы стала, // Прад ім выкладае. // Сяброўскае сэрца ўзыграла // I кроў маладая [6, с. 16].

  1. Інтэлектуальную дзейнасць і здольнасці беларуса класік літаратуры перадае фразеалагізмамі запісаць на лбе ʻцвёрда запомніць што-н.ʼ [4, с. 295], разгарнуць плечы ʻдаць магчымасць сілам, здольнасцям свабодна і поўна праявіцца, развіццаʼ [4, с. 409], не апускаць рукі ʻне страчваць волю, здольнасць, жаданне да якой-н. дзейнасці.ʼ [4, с. 458]:

Так, фразеалагізм запісаць на лбе дае ацэнку інтэлектуальнай дзейнасці чалавека. Лоб з'яўляецца не толькі часткай галавы, але і суадносіцца з разумовымі здольнасцямі чалавека, выступае цэнтрам збору інфармацыі, што і абумовіла выкарыстанне паэтам гэтага выраза пры характарыстыцы беларуса. Найбольш выразна гэта праяўляецца ў кантэксце паэмы "Адплата": Канца не відаць барацьбе. // Ці верна на немца браць стаўку? // Запішаш па часе на лбе, // Што кій памяняў на булаўку [5, с. 17].

Фразеалагізмы разгарнуць плечы і не апускаць рукі Якуб Колас ужывае ў сваіх творах як кантэкстуальныя сінонімы. Параўнаем: Разгорнем шырока // Магутныя плечы // I вышай падымем наш сцяг, // Бо час недалёка // Рашучае сечы, // I зрынецца вораг у прах [8, с. 13] і І людзі рук не апускаюць, // Не запалохаюць звяры, // Яны не здрадзяць свайму краю // I помсты востраць тапары [5, с. 23]. Аўтар паказвае такім чынам упэўненасць, валявую моц і здольнасць беларусаў да апошняга змагацца за мір і волю роднага краю.

  1. Характэрныя ўласцівасці і якасці чалавека падчас вайны паэт перадае з дапамогай СФ: з душой адкрытаю і сэрцам ʻшчыры, даверлівыʼ [4, с. 178], самі з вусамі ʻне горшыя за іншых, не дурней за іншыхʼ[4, с. 102].

Так, фразеалагізмам з душой адкрытаю і сэрцам Якуб Колас характарызуе станоўчыя якасці асобы, у прыватнасці шчырасць і даверлівасць народа (Мой мілы край, народ мой дарагі, // З душой адкрытаю і сэрцам! [8, с. 13]), што найбольш цэняцца ў беларусаў, нягледзячы на "пакуты чашу", што "піў" народ пад прыгнётам фашыстаў. Акрамя таго, менавіта сэрца - "месца знаходжання душы, канцэнтраванне жыццёвай сілы" [9, с. 156], а разам гэта ўніверсаліі: "душа і сэрца - самае патаемнае месца для захавання вобразаў, успамінаў… месца лакалізацыі пачуццяў" [10, с. 412].

Беларусы маюць перш за ўсё годнасць. Гэта выражаецца коратка і ёмка фразеалагізмам самі з вусамі. Саматызм вусы ўспрымаецца носьбітамі мовы, як заўважае Л. У. Зайцава, "у якасці партрэтных рыс абавязкова сталага мужчыны", а таму, як можна меркаваць, характарызуе "якасці чалавека, што дасягаюцца ў пэўным узросце, набываюцца з вопытам". У сімвалічным сэнсе названае слова атаясамліваецца з лексемамі стары, умудроны і з'яўляецца "паказчыкам жыццёвых дасягненняў" [11, с. 43]. Сапраўды, у кантэксце фразеалагізм з дадзеным кампанентам выступае ў значэнні ʻне горшыя за іншых, не дурней за іншыхʼ. Пісьменнік гэтым выразам перадае жыццёвую мудрасць беларуса, яго годнасць: Не, дудкі, мы самі з вусамі // I ведаем вашу радню [5, с. 41].

  1. Ацэнку маўленчай дзейнасці чалавека Якуб Колас дае з дапамогай фразеалагізма скрозь зубы (працадзіла) ʻнеразборліва, невыразна (гаварыць)ʼ [4, с. 216]. Так, у творы дадзены выраз адмоўна характарызуе асобу паводле яе няўмення свабодна, добра гаварыць: − Сястрыцы! да гэта ж скажоны! − // Скрозь зубы яна [Кася] працадзіла [5, с. 115]. Асноўным паказчыкам негатыўнай ацэнкі выступае саматызм зубы, якія з'яўляюцца своеасаблівай перашкодай падчас працэсу маўлення.

Такім чынам, выразным сродкам пазнання беларуса ў паэзіі Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны з'яўляюцца СФ, якія дапамагаюць аўтару сцісла, ёміста абазначыць і даць ацэнку эмацыянальнаму стану беларуса, яго разумовым здольнасцям, характэрным уласцівасцям і якасцям, ахарактарызаваць маўленчую дзейнасць і выразіць адносіны да іншых людзей. Пры гэтым фразеалагізмы характарызуюць беларуса як адмоўна, так і станоўча. Галоўнае, што ўласціва яму ў час Вялікай Айчыннай вайны, гэта імкненне да барацьбы, да знішчэння ворага на роднай зямлі, які прынёс ёй толькі боль, страх і разруху. Але нягледзячы на гэта беларус застаўся шчырым і даверлівым у адносінах да іншых людзей, удзячным героям-абаронцам свайго краю.

Літаратура

1 Ляшчынская, В. А. Сучасная беларуская мова: фразеалогія: вучэб. дапам. / В. А. Ляшчынская. - Мінск: РІВШ, 2010. - 230 с.

2 Рагойша, В. П. "Душою і сэрцам мы з вамі, героі…": лірыка Якуба Коласа часу Вялікай Айчыннай вайны / В. П. Рагойша // Роднае слова. - 2006. - № 8. - С. 40 -43.

3 Гудков, Д. Б. Телесный код русской культуры: материалы к словарю / Д. Б. Гудков, М. Л. Ковшова. - М.: Гнозис, 2007. - 288 с.

4 Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я. Коласа: звыш 6000 слоўн. арт. / уклад. А. С. Аксамітаў [і інш.]; пад рэд. А. С. Аксамітава. - Мінск: Навука і тэхніка, 1993. - 655 с.

5 Колас, Я. Адплата. Паэма / Я. Колас. - Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1946. - 142 с.

6 Колас, Я. Суд у лесе. Паэма / Я. Колас. - М.: Выдавецтва ЦК КП(б)Б "Совецкая Беларусь", 1943. - 40 с.

7 Колас, Я. Голас зямлі. Вершы / Я. Колас. - М.: Выдавецтва ЦК КП(б)Б "Совецкая Беларусь", 1943. - 79 с.

8 Колас, Я. Адпомсцім. Зборнік паэзіі / Я. Колас. - М.: Выданне газеты "Совецкая Беларусь", 1942. - 31 с.

9 Маслова, В. А. Введение в лингвокультурологию: учеб. пособие / В. А. Маслова. - М.: Наследие, 1997. - 207 с.

10 Большой фразеологический словарь русского языка. Значение. Употребление. Культурологический комментарий / редкол.: В. Н. Телия (отв. ред.) [и др.] - М.: АСТ-ПРЕСС КНИГА, 2006. - 784 с.

11 Зайцава, Л. У. Фразеалагізмы з кампанентамі лексіка-семантычнай групы ʻрагавыя ніткападобныя ўтварэнні на скурыʼ / Л. У. Зайцава // Изв. ГГУ им. Ф. Скорины. - 2007. - № 4 (43). - С. 42-46.


© 2010-2022