Артыкул Афармленне знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа

Раздел Другое
Класс -
Тип Другие методич. материалы
Автор
Дата
Формат docx
Изображения Нет
For-Teacher.ru - все для учителя
Поделитесь с коллегами:

Н. А. Богдан

УА ГДУ імя Ф. Скарыны (г. Гомель)

АФАРМЛЕННЕ ЗНЕШНЯГА ВЫГЛЯДУ ЧАЛАВЕКА

Ў ФРАЗЕАЛОГІІ ЯКУБА КОЛАСА

Сучасная лінгвістыка робіць акцэнт на неабходнасці глыбокага шматбаковага вывучэння чалавека і яго шматмернага свету як унікальнага аб'екта пазнання. У сувязі з гэтым з'яўляецца магчымасць разгляду знешнасці чалавека, якая, як правіла, адлюстроўвае ўнутраны, маральны свет асобы. Знешні выгляд чалавека - гэта адлюстраванне ў першую чаргу павагі да самога сябе.

Паняцце "знешнасць" шырока ўжываецца як у паўсядзённым жыцці, так і ў розных дысцыплінах. Паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, знешнасць - гэта "вонкавы, знешні выгляд" [1, с. 503].

Псіхолагі высветлілі, што ў паняцце "знешнасць" уваходзяць тры групы элементаў: 1) фізічнае аблічча (формы і рысы твару, прапорцыі фігуры, колер скуры, валасоў, вачэй - усё, што чалавеку даецца ад прыроды); 2) рухі, паставы, жэсты, міміка, інтанацыі голасу (функцыянальныя прыкметы, г.зн. тое, што праяўляецца ў дзеянні); 3) афармленне знешнасці: адзення, абутку, прычоскі і г.д. [2, с.105].

Цікавым уяўляецца падыход да вывучэння праблемы знешнасці чалавека ў культуры. У прыватнасці, С.М. Яроменка адзначае, што сутнасць чалавека і яго індывідуальнасць не вычэрпваюцца толькі ўнутранымі, псіхалагічнымі, духоўнымі пачаткамі, "каб жыць і быць у свеце, чалавек павінен, перш за ўсё, быць увасоблены ў гэтым свеце, займаць у ім пэўную прастору, быць адчувальным, бачным, цялесным. Акрамя розуму, сумлення, доўгу і г. д., у чалавека ёсць плоць, голас, паходка, міміка, жэсты, ён апранае сваё цела ў вопратку, вешае на яго ўпрыгажэнні і г.д." [3, с. 4]. Вонкавае аблічча чалавека разглядаецца як знешняя форма існавання і праяўлення ўнутранага, суб'ектыўнага свету чалавека.

У межах артыкула звернем увагу на афармленне знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа, класіка сусветнай і беларускай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Менавіта асоба чалавека, яго знешні і ўнутраны свет, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі мастака слова. А фразеалагічныя адзінкі (ФА) дазваляюць вобразна, ёмка, сцісла не толькі і не столькі назваць, колькі ахарактарызаваць, даць ацэнку знешняму выгляду чалавека. Дадзенае пытанне ў фразеалогіі яшчэ не атрымала шырокага вывучэння, што і абумовіла наш зварот менавіта да гэтай тэмы.

Мэтай артыкула з'яўляецца выяўленне спецыфікі афармлення знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа. Крыніцай устойлівых адзінак паслужыў "Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа" [4].

Сярод ФА, аб'яднаных агульным значэннем 'афармленне знешняга выгляду чалавека', можна выдзеліць наступныя групы:

  1. ФА, што характарызуюць адзенне чалавека. Адзенне - своеасаблівы "пашпарт" чалавека, які ўказвае на полавую, сацыяльную, класавую прыналежнасць. Паводле тлумачальнага слоўніка, адзенне - "сукупнасць прадметаў з тканіны або футра, якія надзяваюць і носяць на сабе" [5, с. 36]. Адзенне можа расказаць многае пра чалавека, гэта першая інфармацыя, што атрымлівае сустрэчны пры камунікатыўным акце. Паводле народных уяўленняў, адзенне "выступае як неадлучная частка яго носьбіта, калі ў сілу ўступаюць законы кантактнай магіі, згодна з якімі прадметы, што судакраналіся паміж сабой, будучы раз'яднанымі, застаюцца ў сімпатычных адносінах" [6, с. 18].

Дадзеная група ў фразеалогіі Якуба Коласа прадстаўлена наступнымі адзінкамі: не палічыць дзірак 'пра вельмі старое, паношанае (адзенне)', калені голыя 'пра неахайную вопратку каго-н., якая павінна сведчыць аб яго нізкім матэрыяльным дастатку', латка ў лаце 'падраны, абшарпаны; зношаны'. Сюды аднясём і ФА, якія не толькі называюць, але і характарызуюць чалавека паводле якасці адзення: рэбры свецяцца 'пра таго, хто апрануты ў падраную вопратку, бедна', нячыстая сіла 'пра людзей у брудным, запэцканым адзенні, чорнарабочых', хоць партрэт пішы 'прыгожы, акуратна і добра апрануты'.

Характарыстыцы адзення Якуб Колас у фразеалогіі адводзіць важную ролю. Так, устойлівыя адзінкі не палічыць дзірак і латка ў лаце перадаюць дрэнны стан і якасць адзення герояў: [Насця − да Кузьмы] − А я не хачу, каб у нашай хаце бруд быў. На тваёй шынелі дзірак не палічыш [4, с. 161]; Шлі яны ад хаты к хаце, / З вёскі ў вёску, з краю ў край, / У сярмяжках − латка ў лаце, / З адным толькі словам - дай [4, с. 295].

Не столькі пра неахайную, падраную вопратку сведчаць устойлівыя выразы калені голыя і рэбры свецяцца, колькі паказваюць дрэннае матэрыяльнае становішча герояў, што знаходзіць свой адбітак на знешнім выглядзе адзення: Цяпер, васпане майстру, усе мільянерамі сталі. У іншых калені голыя, па карку вошы поўзаюць, а мільёнамі кідаецца [4, с. 228]; Свецяцца рэбры скрозь катанкі / А праз шапку чуб прабіўся [4, с. 470].

Не толькі называе, але і характарызуе знешні выгляд чалавека паводле класавага статуса выраз нячыстая сіла, які выкарыстоўваецца для наймення людзей (чорнарабочых) у брудным, запэцканым адзенні: − Гэй, нячыстая сіла! − дабрадушна крычыць пажылы муляр да чорнарабочых [4, с. 494]. Са станоўчага боку адзенне характарызуе фразеалагізм хоць партрэт пішы, які не толькі ўказвае на добрую якасць, стан адзення, але і дае станоўчую ацэнку ўсяму знешняму выгляду гераіні: Паглядзелася Насця ў люстэрка, сама сябе не пазнала: ну, проста хоць партрэт пішы [4, с. 398].

  1. ФА, што характарызуюць абутак чалавека. Паводле тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы, абутак - "прадмет адзення для ног: выраб са скуры ці іншых матэрыялаў, звычайна з цвёрдай падэшвай, якія носяць на нагах" [5, с. 24]. Гэтая група ў фразеалогіі Якуба Коласа прадстаўлена толькі адным устойлівым выразам выскаліць зубы 'пра дзіравы, паношаны абутак'.

Паўсядзённым відам абутку ў простага народа былі лапці, а ў святы або на кірмаш насілі боты, чаравікі, якія беражліва захоўваліся. Так, выгляд дзіравага, паношанага абутку, камашоў (камашы 'чаравікі з паўхалявамі' [7, с. 220]) перадае фразеалагізм выскаліць зубы: Эх, выскалілі зубы, камашыкі мае! [4, с. 215]. У аснову дадзенай адзінкі пакладзены вобраз выскалу зубоў, які ў беларускай міфалогіі сімвалізаваў смерць. Менавіта з гэтым ва ўяўленні чалавека і асацыіраваўся паношаны, дзіравы абутак.

Такім чынам, афармленне знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа прадстаўлена ФА, што характарызуюць адзенне і абутак. Большасць вылучаных устойлівых адзінак характарызуюць знешнасць чалавека з адмоўнага боку і перадаюць не толькі дрэнны стан, якасць адзення і абутку (не палічыць дзірак, латка ў лаце, выскаліць зубы), але і нізкі матэрыяльны дастатак чалавека (калені голыя, рэбры свецяцца), яго класавы статус (нячыстая сіла). Толькі адзін устойлівы выраз (хоць партрэт пішы) з процілеглага боку характарызуе адзенне, даючы знешняму выгляду чалавека станоўчую ацэнку.

ЛІТАРАТУРА

  1. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 2. Г - К / [Рэд. тома А.Я. Баханькоў]. - Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. - 768 с.

  2. Немов, Р.С. Психология / Р.С. Немов. - М.: Владос, 2001. - 640 с.

  3. Яременко, С.Н. Внешность человека в культуре: автореф. дис. ... д-ра филос. наук / С.Н. Яременко. - Ростов н/Д: ДГТУ, 1997. - 41 с.

  4. Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа: звыш 6000 слоўн. арт. / уклад. А.С. Аксамітаў [і інш.]; пад рэд. А.С. Аксамітава. - Мінск: Навука і тэхніка, 1993. - 655 с.

  5. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: больш за 65000 слоў / пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко; афармленне А.М. Хількевіча. - 3-е выд. - Мінск: БелЭн, 2002. - 784 с.

  6. Беларуская міфалогія: энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. - 2-ое выд., дап. - Мінск: Беларусь, 2006. - 599 с.

  7. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 4. К - Каята / НАН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; уклад. В.Л. Авілава [і інш.]; рэд. Г. А. Цыхун. - Мінск: Беларус. навука, 1988. - 327 с.

© 2010-2022