Аналіз апавядання І. Чыгрынава Ішоў на вайну чалавек

Раздел Другое
Класс -
Тип Другие методич. материалы
Автор
Дата
Формат docx
Изображения Нет
For-Teacher.ru - все для учителя
Поделитесь с коллегами:

Аналіз апавядання І. Чыгрынава

"Ішоў на вайну чалавек"

Тлумачальная запіска:

Вучні не ўмеюць аналізаваць творы ў дастатковай ступені. Тое, што аўтар часам хавае за словамі, за структурай сказаў і іх афармленнем, вучням не заўжды бачна і зразумела. Дадзены аналіз - спроба навучыць чытаць "паміж радкоў".

"Ішоў на вайну чалавек"… Назва твора ўяўляе з сябе просты двухсастаўны сказ, у якім, акрамя дзейніка і выказніка, ёсць і акалічнасць месца "на вайну". На мой погляд, ужо з гэтага яскрава бачна, куды накіроўваецца наш герой і што выбару ў яго няма.

Назва - сказ самы звычайны, як, напэўна, звычайнай была і тая сітуацыя, калі ў час Вялікай Айчыннай вайны кожны нармальны чалавек павінен быў выйсці на абарону сваёй Радзімы.

У самым пачатку апавядання ўжыта словазлучэнне "апошнюю капу", якое ўказвае на закончанасць штодзённай, звычнай для героя працы, а таксама з'яўляецца прадвесцем таго, што ў апошні раз мірная праца - праца звычайная.

Герой як бы хоча насаладзіцца шчаслівым жыццём: "…увайшоў у сенцы, пастаяў там… і толькі пасля ўжо ўзяўся за конаўку…", "пачаў піць маленькімі глыткамі. Піў доўга, смакуючы…" Такія штодня звыклыя рэчы цяпер чамусьці сталі занадта прыемнымі, усё робіцца нетаропка, бы на развітанне. Аўтар тэксту гэтым самым як бы папярэджвае нас аб тым, што расстанне блізка, яно няўхільна.

У далейшым ужываецца назоўнік "трывогу" і словазлучэнні "заплаканы твар", "баючыся падняць вочы", якія спрыяюць узрастанню пачуцця нейкай навіслай, яшчэ дрэнна зразумелай, маўклівай небяспекі.

Дзеясловы дыялогу "здарылася" і "ўздыхнула" як бы дзейсныя пытанні-адказы на тое, што вось-вось абрынецца на людзей.

Ланцужком можна выстраіць наступныя дзеясловы: "паціснуў", "заўважыў", "падышоў", "паглядзеў", "прынесла", "адказала" і "заплакала". Усе яны - прошлага часу, два апошнія - у дачыненні да жонкі, іншыя - у дачыненні да галоўнага героя. У яго ўсё ў мінулым, а без яго [мужа] і яе жыццё шчаслівае - таксама мінулае.

Герой двойчы перачытвае павестку, быццам хоча адшукаць там памылку: яна не яму прызначана, гэта не з ім здараецца.

Аўтар уводзіць у твор параўнанне "плакала, як па нябожчыку". "Гэта і бянтэжыла Ігната і злавала". А нам, чытачам, напэўна, даецца магчымасць уявіць хуткі фінал гэтай гісторыі - смерць героя.

Упершыню з'яўляецца відазмененая назва апавядання: "… на вайну ісці - не жыта малаціць". Яна своеасабліва, па сваёй структуры, нагадвае прыказку: народная мудрасць указвае на тое, што можа чакаць Ігната (і "ўсмешка" яго тут не да месца!).

З гэтага моманту ў тэксце слова "вайна" загучала: "прасядзець вайну дома", "гэтае вайны хопіць на ўсіх".

Здавалася, да гэтага героі імкнуліся не ўжываць яго: жылі "ў чаканні", і павестка "была не такая ўжо нечаканая". Аўтар нібы гуляе словамі рознага напаўнення; "чаканы"-"нечаканы". А між імі - трагедыя вайны, да якой, чакай-не чакай, чалавек не можа быць падрыхтаваны поўнасцю, бо гэта супярэчыць яго прыродзе. Таму Ігнат пастаяў трохі, задуменны, "расчулены". І яна плача, "пацішэла, быццам спалохалася чаго", "прытулілася да мужа", "уздыхнула".

Тэкст перасычаны дзеясловамі - мы чакаем ад герояў дзеяння.

Гераіня нібы малое, безабароннае, пакрыўджанае дзіця, якое заяўляе насуперак усяму гору: "А я і не плачу", - сказала і зноў заплакала".

Героі ў развагах… А "да вечара было яшчэ далёка…", нібы дзень гэты значна пабольшыў з прычыны таго, што ён апошні мірны, шчаслівы.

У Ігната процьма работы, але цяпер усім "давядзецца займацца жонцы". І ад гэтага наш герой адчувае на сабе яшчэ нейкую большую віну, дакладна і не ўсведамляючы, у чым яна.

Са з'яўленнем дзяцей у хаце назоўнік "вайна" гучыць паўсюль: "бацька ідзе на вайну", "і табе на вайну", "і ты ідзеш на вайну", "Віцькі Панаськавага бацька на вайне, у Мішкі Блінава - на вайне", "не на вайне"… Вайна пранізала ўсё ў іх хаце - яна, здавалася, напоўніла сабою Сусвет. І ў гэтым трагедыя ўсіх.

У тэксце шмат сказаў са шматкроп'ем: "Патрохі ўжо збірала б мяне… На фронт таксама па-людску трэба выпраўляць… Ты вось што, Ігнат… Але ж дзе там…" Яны ўказваюць на недагаворанасць таго, што навідавоку.

"Вось добра, што і ты ідзеш на вайну!" - узрадаваўся сын" - такі алагізм ужывае аўтар тэксту невыпадкова: вайна з ног на галаву памяняла ўсё ў свеце. Дзіця радуецца за бацьку, бо, напэўна, канчаткова не разумее магчымасці страты роднага.

Адно адзінае слова "па-чалавечы" месціць у сабе ўсю веліч і чысціню ўзаемаадносін муж-жонка. Здавалася, ну як бы яшчэ могуць жыць між сабою людзі, як не "па-чалавечы". Але як нам гэтага бракуе ў жыцці! А яны жылі так, што "цяпер не было за што дакараць сябе". Шчаслівыя людзі!

Нідзе прама аўтар не характарызуе жонку Ігната. Уся яе сутнасць бачна з учынкаў: як клапатліва ставіцца да мужа і дзяцей, да жабрака, які знарок зайшоў да іх. Таму, можа, і надзейна пакідае герой хату - разлічваць ёсць на каго…

Апошняя ноч дома - ноч-нудота: "злез з ложка, адзеўся і выйшаў на ганак". На двары было так незвычайна, як, здавалася не было за ўсё яго свядомае жыццё: "ноч плыла", "ноч дыхала", "зямля пахла". Метафары ў спалучэнні з эпітэтамі "старожная ноч", "пахаладзелая зямля", "неспакойны дзень" дапамагаюць аўтару перадаць горыч расстання героя з усім тым, што пакідае ён назаўсёды…

І празмерная "такая цішыня" звычайна заўжды перад бурай. Яна чакае героя наперадзе.

Зайцы "наядаліся" пра запас, а герой "пра запас" мілаваўся ўсім тым, што вымушаны быў страціць…

"Ігнат скідаў за дваром апошнюю капу сена…" трансфармуецца ў амаль апошні сказ "… усімі краскамі лета пахла ў копах лугавое сена": усё застаецца, толькі мы імгненныя…

Чалавек на развітанне зліўся з прыродай, стаў яе часцінкай (параўнанне "Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу"). Сплаканая жонка больш не плакала (часова!), ды "ён пачуў за спіной немы плач", як паскорыў крок…

Апавяданне завяршаецца зноў змененай назвай твора: "… ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек". Часціца "яшчэ" чытачам ўказвае на тое, што будзе жыццё Ігната не апошняя ахвяра, сплочаная людзьмі вайне. "Яшчэ адзін" і яшчэ не адзін мільён загіне на вайне. І доўжыцца гэта будзе да таго часу, пакуль вайна не знікне як сацыяльнае зло… А ці магчыма гэта калі-небудзь? Наўрад ці…


1


© 2010-2022