Артыкул Ацэнка знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа

Раздел Другое
Класс -
Тип Другие методич. материалы
Автор
Дата
Формат doc
Изображения Нет
For-Teacher.ru - все для учителя
Поделитесь с коллегами:

Н. А. Богдан (г. Гомель, Рэспубліка Беларусь)


АЦЭНКА ЗНЕШНЯГА ВЫГЛЯДУ ЧАЛАВЕКА

Ў ФРАЗЕАЛОГІІ ЯКУБА КОЛАСА


Ацэнка ўяўляе сабой выяўленне значэння аб'екта ў адносінах да каштоўнасцей з пазіцый суб'екта, які ацэньвае. Навуковая цікавасць да праблемы ацэнкі абумоўлена тым, што сярод усіх тыпаў каштоўнасцей, якія прыцягваюць найбольшую ўвагу, - гэта каштоўнасці, звязаныя з прыродай чалавека. Упершыню ўбачыўшы чалавека, людзі міжвольна звяртаюць увагу на яго знешнасць і даюць ёй ацэнку.

На думку В. М. Багуслаўскага, успрыманне знешнасці людзей абумоўлена "псіхалагічнымі ўстаноўкамі, якія склаліся ў выніку пазнавальнай і самапазнавальнай дзейнасці чалавека, якія вызначаюць і псіхалагічна матывуюць падыход ацэньваючага да дадзенага аб'екта" [1, с.14]. Вучоны вылучае шэсць аспектаў ацэнкі знешнасці чалавека: экзістэнцыяльны (успрыманне чалавека як нейкай прыроднай дадзенасці); эмацыянальны (адлюстраванне эмацыянальнага стаўлення да ўспрымаемага чалавека); эстэтычны (ацэнка знешнасці з пункту гледжання яе прыгажосці і гармоніі); псіхалагічны (прыпісванне чалавеку асобасных рыс на аснове наглядных прыкмет знешнасці); сацыяльны (прыпісванне чалавеку сацыяльных характарыстык); узроставы (асацыяцыя ўспрымаемых прыкмет знешнасці з пэўным узростам) [1].

Асаблівая роля ацэнкі належыць фразеалагізмам, паколькі фразеалагічныя адзінкі (далей - ФА) не столькі называюць, колькі характарызуюць, унутранай формай, сваімі вобразамі нясуць дадатковыя семы ацэнкі знешнасці чалавека, бо іх значэнне паводле выказвання В. М. Тэліі, "заўсёды больш насычана "дэталямі", чым значэнне слова" [3, с. 85].

У межах артыкула, арыентуючыся на разгледжаную класіфікацыю В. М. Багуслаўскага, звернем ўвагу толькі на адзін аспект - эстэтычны, паколькі ўспрыманне прыгажосці таго ці іншага аб'екта, як правіла, суправаджаецца ацэнкай яго эстэтычных якасцей.

Мэта артыкула - выяўленне спецыфікі ацэнкі знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа. Метадам суцэльнай выбаркі ФА з "Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Якуба Коласа" [5] намі вылучаны ўстойлівыя адзінкі, якія характарызуюць аблічча чалавека ўвогуле і даюць эстэтычную ацэку - станоўчую ("прыгожы") або адмоўную ("непрыгожы").

Прыгажосць з'яўляецца паняццем, якое ствараецца на аснове пазнання навакольнага свету ў адпаведнасці з разуменнем звычаяў і традыцый продкаў у спалучэнні з прыроднай падсвядомасцю. Так, успрыняцце прыгажосці чалавека "суправаджаецца нацыянальна-культурнымі канатацыямі, якія праяўляюцца ў мове праз ацэнкі, метафарызацыю і стэрэатыпізацыю" [2, с. 18].

Паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, назоўнік прыгажосць абазначае ʻўласцівасць прыгожагаʼ, ʻшто-н. прыгожае; хараствоʼ, ʻпрыгожы знешні выглядʼ, ʻпрыгажуняʼ, толькі мн. ʻпрыгожыя мясціны; тое, што робіць уражанне сваім прыгожым выглядамʼ і ў знач. выкл. ʻвыказвае захапленне, адабрэнне і пад.ʼ [4, с. 418]. Прыметнік прыгожы, паводле слоўніка, дакладна вызначае абазначаную прыкмету чалавека, але пры гэтым служыць для наймення не толькі знешняй прыгажосці чалавека - ʻякі прыносць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, формʼ, але яшчэ і ўнутранай - ʻякі мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараствомʼ [4, с. 423].

Для абазначэння паняцця прыгажосць у адносінах да чалавека, яго знешняга выгляду ў фразеалогіі Якуба Коласа пераважаюць ФА з фаўністычнымі назвамі (кветкай майскай расцвісці/кветкай-ружай расцвісці ʻнабыць квітнеючы выгляд, папрыгажэцьʼ, макаў цвет/макаў цвецік ʻпра прыгожую з румяным свежым тварам дзяўчынуʼ, як ружы той цвет ʻвельмі прыгожы, прыемны, пяшчотныʼ, як краска ʻпрыгожаяʼ, як зачараваная кветка ʻвельмі прыгожаяʼ) і артэфактнымі (хоць партрэт пішы ʻпрыгожы, акуратна і добра апранутыʼ, хоць карціну пішы ʻпра каго-н. вельмі прыгожагаʼ, хоць завярці ў паперку ʻпра каго-н. вельмі акуратнага, чыстага, прыгожагаʼ).

Паводле ступені выражэння якасці большасць ФА суадносіцца з прыметнікамі ў форме найвышэйшай ступені параўнання, выражаючы дзякуючы наяўнасці семы ʻвельміʼ высокую ацэнку (як зачараваная кветка ʻвельмі прыгожаяʼ, як ружы той цвет ʻвельмі прыгожы, прыемны, пяшчотныʼ, хоць карціну пішы ʻпра каго-н. вельмі прыгожагаʼ, хоць завярці ў паперку ʻпра каго-н. вельмі акуратнага, чыстага, прыгожагаʼ, усё аддай - і мала ʻпра каго-н. вельмі прыгожага і абаяльнага (звычайна пра жанчыну)ʼ, пальчыкі абліжаце ʻпра вельмі прыгожага чалавека, які прыводзіць у захапленнеʼ) або нізкую (малпа старая ʻаб вельмі непрыгожым немаладым чалавекуʼ).

Аналіз вылучаных ФА дазваляе выявіць, як чалавек мысліць і як выражае сваё паняцце прыгажосці адносна знешняга выгляду чалавека: ён суадносіць паняцце прыгажосці з ацэнкай і рэлевантнасцю такіх паняццяў, як артэфакт (партрэт, карціна, папера): Паглядзелася Насця ў люстэрка, сама сябе не пазнала: ну, проста хоць партрэт пішы [5, с. 398]; Калгаснікі тады пазіралі на старшыню з захапленнем і гордасцю. - Хоць карціну пішы , - казалі яны [5, с. 243]; - Зірніся, дзядзька, у люстэрку: Хоць завярці вазьмі ў паперку, Хоць у сваты едзь, хоць жаніся! [5, с. 394]; расліны у час цвіцення (кветкі маку, ружы): Глядзіць - дзяўчына варта ўвагі - Павабна, свежа - макаў цвет, А сам паручнік - сэрцаед [5, с. 599]; А дзяўчаты − макаў цвецік, Шчокі ружамі цвітуць [5, с. 599]; І Галя як ружы той цвет Стаілася ціха пад дубам [5, с. 599]. А яшчэ гэта краска і кветка як асацыятыўныя паказчыкі прывабнасці, што абраны ў якасці эталонаў прыгажосці знешняга выгляду дзяўчат: Куды б ён [Петрык] ні пайшоў і што б ён ні рабіў, заўсёды перад яго вачамі стаяла Тася як зачараваная кветка [5, с. 249]; Марынка ў людзях акрыяла I кветкай майскай расцвіла [5, с. 249]; І сама яна была як краска: нават дзяўчаты любаваліся яе прыгожым тварам, доўгімі цёмнымі косамі і стройным станам [5, с. 265].

На эстэтычную ацэнку знешнасці чалавека аказвае ўплыў выгляд і стан адзення. Так, у семантыцы ФА хоць завярці ў паперку ʻпра каго-н. вельмі акуратнага, чыстага, прыгожагаʼ і хоць партрэт пішы ʻпрыгожы, акуратна і добра апранутыʼ перададзена ўважлівасць беларусаў да адзення як адной з галоўных прыкмет знешняга выгляду - чалавек прыгожы, таму што акуратна і чыста апрануты. Трэба заўважыць, што для нашых продкаў пры ацэнцы знешнасці важна не багатае адзенне, а акуратнасць і адпаведнасць да фігуры.

Як вядома, станоўчае пазнаецца праз адмоўнае, усведамленне аднаго заўсёды неразрыўна вызначаецца праз процілеглае. І гэта знаходзіць свой адбітак у фразеалогіі Якуба Коласа. Так, негатыўная ацэнка ФА малпа старая ʻаб вельмі непрыгожым, немаладым чалавекуʼ выяўляецца праз абраны вобраз экзатычнай жывёлы дзякуючы частковаму захаванню прамога значэння прыметніка стары як сродку для візуальнай ацэнкі знешняга выгляду чалавека: - Знайшоўся кавалер… малпа старая! - Гэты камплімент яна пасылае пану Зыгмусю, трохі адышоўшыся [5, с. 320]. Адмоўную ацэнку знешняму выгляду чалавека дае ФА і сабакі пазіраць не хочуць ʻпра непрываблівага з выгляду каго-н.ʼ, якая адлюстроўвае крайнюю ступень негатыву - чалавек такі непрыгожы, што не хочуць глядзець не толькі людзі, але і сабакі: - На мяне людзі глядзяць, бо я харошая, а на цябе і сабакі пазіраць не хочуць [5, с. 473].

Такім чынам, ацэнка знешняга выгляду чалавека ў фразеалогіі Якуба Коласа даецца праз параўнанне, асацыяцыю, пераасэнсаванне і метафарызацыю вядомага і найбольш значнага ў жыцці і перадаецца ў процілегласці яго ўспрымання - «прыгожае-непрыгожае».

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Богуславский, В. М. Оценка внешности человека: Словарь / В. М. Богуславский. - М.: ООО «Издательство АСТ», 2004. - 254 с.

  2. Буракова, М. У. Рэпрэзентацыя прыгажосці чалавека фразеалагізмамі беларускай мовы / М. У. Буракова // Нацыянальна-культурны кампанент у дыялектнай і літаратурнай мове: матэрыялы Рэсп. навук.-практ. канф. (Брэст, 18-19 кастр. 2012 г.) / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Брэсц. дзярж. ун-т імя А. С. Пушкіна; рэдкал.: М. І. Новік [і інш.]. - Брэст: Альтернатива, 2013. - 246 с.

  3. Телия, В. Н. Русская фразеология. Семантический, прагматический и лингвокультурологический аспекты / В. Н. Телия. - М.: Школа «Языки русской культуры», 1996. - С. 154-176.

  4. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 4. П - Р / [Рэд. тома Г. Ф. Вештарт, Г. М. Прышчэпчык]. - Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1980. - 768 с.

  5. Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Якуба Коласа: звыш 6000 слоўн. арт. / уклад. А. С. Аксамітаў [і інш.]; пад рэд. А. С. Аксамітава. - Мінск: Навука і тэхніка, 1993. - 655 с.



© 2010-2022