• Преподавателю
  • Другое
  • Урок на тему: Гістарычная і гуманістычная аснова апавядання У. Караткевіча Паром на бурнай рацэ

Урок на тему: Гістарычная і гуманістычная аснова апавядання У. Караткевіча Паром на бурнай рацэ

Раздел Другое
Класс -
Тип Конспекты
Автор
Дата
Формат docx
Изображения Нет
For-Teacher.ru - все для учителя
Поделитесь с коллегами:

Тэма ўрока: Гістарычная і гуманістычная аснова апавядання У. Караткевіча "Паром на бурнай рацэ"

Мэты ўрока: дапамагаць вучням далучыцца да асобы пісьменніка, аб'ектыўна ўспрымаць гістарычныя падзеі і іх удзельнікаў, цэласна ўсвядомляць сюжэт, выяўляць непасрэдныя чытацкія адносіны да падзей і герояў;

развіваць творчую актыўнасць, самастойнасці меркаванняў, удасканальваць уменне вызначаць мастацкія дэталі, вобразна-выяўленчыя сродкі мовы і іх ролю ў раскрыцці вобразаў і ідэй твора;

выхоўваць цікавасць да гісторыі роднага краю, пачуццё асуджэння жорсткасці, бяздушнасці і абыякавасці да Радзімы, да лёсу свайго народа.

Абсталяванне: плакат з выказваннямі па тэме ўрока, радаводы, выстава кніг.

форма правядзення: урок-гутарка

Эпіграф: "... без чалавечнасці не будзе і вечнасці"

П.Панчанка

Ход урока:

  1. Арганізацыйны момант

Н.: Добры дзень. Дзяжурны, хто сёння адсутнічае?

В.: Усе ёсць.

  1. Уступнае слова настаўніка

Прыгадаем словы Я. Брыля "Вышэй за ўсё і перш за ўсё -чалавечнасць". Сапраўды, адзінай меркай вартасці чалавека з'яўляецца яго чалавечнасць. Быць чалавекам, любіць людзей, адчуваць сябе адказным за ўсё і за ўсіх - дэвіз жыцця і творчасці У. Караткевіча. Паэтычны радок П. Панчанкі "Без чалавечнасці не будзе вечнасці" сёння ўзяты ў якасці эпіграфа і стане тэмай размовы на ўроку, дзе самастойна і ў сумесным пошуку мы паспрабуем раскрыць духоўны свет літаратурных герояў, перадаць сваё бачанне праблемы чалавечнасці. Сотні маланак-бліскавіц "балюча сякуць душу пісьменніка", бо ён не бывае раўнадушным і адчувае сябе адказным за ўсё і за ўсіх. Ён выносіць на абмеркаванне самыя набалелыя праблемы. Запрашае да роздуму, дыялогу, дыскусіі. С хваляваннем пісьменнік імкнецца адказаць на злабадзённыя пытанні:

Сэрцы ў людзей агрубелі?

Што гэта?

Хто вінаваты?

Дык што засталося на душы?

Што нашчадкам пакінеш?

Апераджальныя заданні да ўрока:

  1. Успомніце, якія творы Уладзіміра Караткевіча вы ўжо вывучылі? Калі ў вашай уласнай бібліятэцы ёсць творы пісьменніка ці творы пра яго, прынясіце іх, калі ласка, на ўрок.

  1. Асноўная частка

Н.: Адключыце свой зрок і іншыя сэнсорныя пачуцці. Уключыце свой слых. Што вы чуеце ў слове - ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ. Запішыце ў сшытку асацыятыўны рад да слова чалавечнасць у адзін слупок. У другі слупок - словы негатыўныя, чэрствыя, якія не прымае ваша сэрца. Словы павінны суадносіцца з творам У.Караткевіча "Паром на бурнай рацэ". У кожным слупку падкрэсліце галоўнае слова.

В.: 1) шчырасць, добразычлівасць, спагада, жаданне рабіць дабро, міласэрнасць, дабрыня, сумленне,, падтрымка, давер, узаемадапамога.

2) трывога, нянавісць, жорсткасць, абыякавасць, чэрствасць, няшчырасць, бяздушнасць, бездухоўнасць, хлусня, жах.

Н.: Вельмі добра. А зараз складзем невялікі цытатны план, з 5-6 пунктаў,але такіх, якія дазвалялі б хутка аднавіць галоўныя падзеі твора.

В.: Прыкладны цытатны план:

  1. «Справа ішла болыш чым пра хлеб. Справа ішла пра свабоду».

  2. «- На той бераг, калі ласка,- сказала жанчына».

  3. «Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы».

  4. «-Мы не маглі патануць,- упэўнена сказала
    яна.- ...Мы неслі жыццё».

  5. «Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік».

  6. «Вы сваёй мужнасцю далі мужнасці і мне...
    Дай Бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі».

Н.: Малайчынкі. Добра папрацавалі. Зараз крыху адпачніче. Паслухайце мяне. Вы ўжо звярнулі ўвагу на незвычайнае афармленне дошкі. Тут прадстаўлены разнастайныя радаводы. Мне б вельмі хацелася прачытаць вам верш Яўгена Пясецкага

"Мой радавод"

Каб калыскі сваёй не забыцца,

Каб не счэзнуць сярод нягод,

Прахалодай спрадвечнай крыніцы

Наталі мяне, мой радавод.

Маю памяць стагоддзям не вынішчыць,

Маёй сцежкі не звесці ў прыгнёт -

Ад маны і ад лёсу рабыніча

Беражы мяне, мой радавод.

У валошках, якім не выцвісці,

У вольных спевах вясновых чарод,

У Божай міласці, у людской шчырасці

Будзе доўжыцца мой радавод.

Здаецца, якое дачыненне мае радавод да тэмы нашага ўрока. Самае непасрэднае. Дык вось, У.Караткевіч вельмі цікавіўся гісторыяй роднага краю. Дарэчы, а вы ведаеце, што ў старажытнасці тэрыторыю Беларусі засялялі крывічы, дрыгавічы, радзімічы. У крывічаў быў такі звычай: калі юнаку спаўнялася 18 гадоў, ён павінен быў пераплысці хуткаплынную раку, злавіць звера і назваць усіх сваіх продкаў аж да пятага калена. Калі ён гэтага не выконваў, яго выганялі з племя. Дык вось У.Караткевіч цікавіўся сваім радаводам. У сям'і Караткевіча бытавала паданне, што прадзед удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Ён быў кіраўніком паўстанцкага атрада. На жаль, атрад, якім ён кіраваў, быў разбіты, а камандзір расстраляны ў Рагачове. Гэта легенда знайшла сваё пацверджанне. У Вільнюсе ў цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літвы знайшліся дакументы пра Тамаша Грыневіча (прадзеда Караткевіча). І як узрадаваўся Караткевіч, калі ў час камандзіроўкі ў Польшчу знайшоў ў Варшаве верш, напісаны Тамашам Грыневічам. Ён называўся "Песня прыгаворанага да смерці", а таксама верш, прысвечаны ўдаве Грыневіча, якая спазнілася на некалькі трагічных мінут з весткай аб памілаванні.

Давайце суаднясем гэтыя звесткі з творам.

- Дык хто ж стаў прататыпам Усяслава Грынкевіча?

-Што гаворыцца ў тэксце пра яго? Знайдзіце радкі ў тэксце. Зачытайце.

- Якім ён уяўляецца чытачу?

-Зыходзячы з апісання гэтага героя, які вынік можам зрабіць пра адносіны У.Караткевіча да свайго прадзеда?

Н.: Давайце звернем увагу на першую частку твора. Пералічыце асноўныя падзеі першай часткі.

В.: Надвячоркам з нейкім тэрміновым даручэннем да начальніка каравула ў часць прыязджаў коннік, якога Гораў перепраўляў на другі бараг; капітан Пора-Леановіч практыкуецца ў стральбе па мішэні, каб не страціць свайго ўмельства брэцёра; капітаны вячэраюць, Пора-Леановіч многа п'е, забараняе салдату Івану выстаўляць дадатковы каравул на старым пераездзе цераз Днепр, а затым выказвае Гораву свае погляды на жыццё і на службу.

Н.: Так, правільна. Як бачым падзеі самыя звычайныя, будзённыя і зусім не дынамічныя. А зараз зачытаем невялічкі ўрывак. ("Пераспелае жыта плакала зярнятамі, а ў жыце стаялі шыбеніцы. I не ўстаў ніхто, і не сказаў людзям, што няможна рэзаць адзін аднаго, што свет вялікі і на кожнага хопіць ніў, што хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго ні называй. Не мог сказаць...

Справа ішла больш чым пра хлеб. Справа ішла пра свабоду».)

-Як вы разумееце выраз "Пераспелае жыта плакала зярнятамі"?

-А як вы думаеце, нашто даецца ў творы такое разгорнута-дэталёвае апісанне Масквы, успамін пра дзяўчыну, па якой сумаваў Гораў?

-Што можна меркаваць па гэтым апісанні пра Юрыя Горава як чалавека? (Можна ўбачыць прагу маладога вайскоўца да цішыні, міру, спакою, жаданне хоць на дзянёк забыцца пра кроу і стрэлы, пабачыць дом, сям'ю, родны горад, любую дзяўчыну.)

Н.: Такім чынам мы бачым, што Караткевіч стварае кантраст паміж мірам і вайной. Падрабязнае, апісанне-ўспамін пра маскоўскае дзяцінства і юнацтва капітана вельмі да месца ў творы, бо дае выразнае ўяўленне аб тым, што ён не пазбаўлены звычайных чалавечых якасцей.

А зараз зачытайце апісанне капітана Пора-Леановіча. (с. 148 Горава каторы ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы, у якіх відна была пагарда да ўсяго. І яшчэ рэзкі шрам праз брыво і левую скронь.;

с. 149 Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам)

-Якія дэталі партрэта адразу ж здзіўляюць і насцярожваюць,а што выступае ў якасці асобай прыкметы яго твару?

-Якую дэталь партрэта зноў і зноў заўважае Гораў і што мяркуе па ёй пра характар чалавека, з якім звязвае яго служба?

Н.: Як вы ўжо заўважылі, пры апісанні знешнасці чалавека на першым плане ў Караткевіча заўсёды вочы («нявінныя цёмна-сінія дзівосныя вочы» дзяўчыны, «страшнаватыя блакітныя вочы» Пора-Леановіча, «агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы» жонкі Усяслава Грынкевіча) і што менавіта яны выступаюць сапраўдным люстэркам душы чалавека. Але галоўная небяспечная рыса яго характару пры ўсім яго нахабстве, жорсткасці і цынізме - гэта схільнасць да здрадніцтва. Зачытайце з твора пацвярджэнні схільнасці да здрадніцтва Пора-Леановіча. (с. 152 «Галоўнае - стаць на той бок, які і выйграе»)

Перад намі паўстае постаць страшнага чалавека, нягодніка, які не ведае дабрыні і літасці. Але зазначым, што вельмі часта самаацэнка чалавека не пацвярджаецца ягонымі ўчынкамі, да таго ж варта ўлічыць, што капітан зашмат выпіў у той вечар, быў нечым узрушаны і мог нагаварыць такога, што ніяк не супадала з аб'ектыўнай рэальнасцю. І зусім супрацьлеглы вобраз Усяслава Грынкевіча, чалавека які не пазбаўлены звычайных чалавечых якасцей.

Н.: Звярніце ўвагу на дошку, там змешчаны выказванні пісьменнікаў.

Прачытайце іх, запішыце ў сшытак выказванне якое на вашу думку найбольш падыходіць да нашага ўрока і да твора У. Караткевіча "Паром на бурнай рацэ". Чаму вы так лічыце?

Лечыцца трава ад спёкі ліўнем,

Людзі ласкай лечацца людской.

П. Панчанка

Хтой сам не творыць дабраты,

На дабрату не мае права.

А. Бачыла

Продкамі не грэбуйце ніколі,

Бо яны жыццём сваім, крывёю

Здабывалі і зямлю, і волю.

Э. Валасевіч

Калі прыходзіць да канца дарога,

Асмелься запытаць сябе самога,

Што ты паспеў зрабіць?

Р. Барадулін

Вышэй за ўсё і перш за ўсё - чалавечнасць.

Я. Брыль

Народная мудрасць гаворыць:

Шчыраму сэрцу і чужы боль баліць.

Шчыраму і бог дапамагае.

Добры чалавек і жывёлу шкадуе.

Дабро не надакучыць.

Благі абразіць, а добры разважыць ды яшчэ і парадзіць.

Добрае помні, а злое забывай.

Добраму ўсюды добра.

Добраму добрая памяць.


  1. Падвядзенне вынікаў і выстаўленне адзнак.

  2. Дамашняе заданне

Падрыхтаваць пераказ урыўкаў: «Прыезд маладой жанчыны і яе пакутлівае чаканне», «Пераправа цераз бурную раку»; скласці плана-характарыстыку аднаго з герояў.

  1. Заключнае слова настаўніка

Мне б хацелася, каб гэты ўрок не прайшоў для вас бясследна, каб вынікам гэтага ўрока сталі для вас не толькі добрыя адзнакі ў журнале. Мне б хацелася, каб запаліў ён у вашых сэрцах невялікі агеньчык дабрыні, спагады, які і далей будзе асвятляць ваш шлях і саграваць тых, хто побач з вамі.

Засланяйце ж гэты агеньчык ад жыццёвых нягод,гаворачы словамі П. Броўкі:

Вы выйшлі ўдалеч маладыя,

Вам доўга крочыць праз гады.

Не забывайцеся ж, якія

Вы пакідаеце сляды.

© 2010-2022